Автор
Новак Валентина
доктор філологічних наук, професор кафедри російської та світової літератури Гомельського державного університету імені Франциска Скорини (Республіка Білорусь).
Рэгіянальна-лакальныя асаблівасці каляндарна-абрадавай паэзіі Гомельшчыны (на матэрыяле фальклору Ельскага і Кармянскага раёнаў)
Анотація
У артыкуле, прысвечаным даследаванню рэгіянальна-лакальных асаблівасцей каляндарна-абрадавай паэзіі Гомельшчыны, засяроджана ўвага на спецыфіцы асобных з’яў зімовага і веснавога цыклаў земляробчага календара Ельскага і Кармянскага раёнаў. Падрабязна разгледжаны структурныя кампаненты мясцовых калядна-навагодніх абрадавых комплексаў. На аснове аўтэнтычнага матэрыялу, запісанага ў палявых экспедыцыях, выяўлены адметныя асаблівасці падрыхтоўкі абрадавай стравы (куцці), лакальныя асаблівасці абраду калядавання ў вёсках Ельскага і Кармянскага раёнаў, прыведзены цікавыя прыклады як гаспадарчай варажбы, звязанай з першай куццёй, так і шлюбнай, прымеркаванай да святкавання другой куцці. Фальклорна-этнаграфічны матэрыял, запісаны на тэрыторыі Кармянскага раёна, дазволіў выявіць такія адметныя з’явы калядна-навагодняга перыяду, як абходныя шэсці калядоўшчыкаў з “павай і павуком” (вв. Струкачоў, Задуб’е). Абрад “бабінай кашы” пад назвай “спайка”, характэрны для фальклору вёсак Высокае і Задуб’е.
Непасрэднымі ўспамінамі жыхароў вышэйназваных раёнаў Гомельскай вобласці пацверджаны і факты выканання рытуалу заклікання марозу на куццю, звязанага з верай у духаў продкаў, іх магічнай здольнасцю ўздзейнічаць на свект жывых.
У бытаванні абраду гукання вясны на тэрыторыі Гомельшчыны таксама назіраліся спецыфічныя рысы. Калі адметнасцю фальклорнай традыцыі Ельскага раёна з’яўлялася арганічнае спалучэнне элементаў, уласцівых і для абраду гукання вясны, і для масленічнай абраднасці, то ў вёсках Кармянскага раёна такога аб’яднання абрадаў не назіралася. Менавіта тут адзначаны факт суіснавання і “загукання вясны”, і абраду “жаўранкаў” у складзе адзінага фальклорна-этнаграфічнага комплексу. Сярод лакальных элементаў у структуры абраднасці гукання вясны варта адзначыць наступныя: выкананне песень-вяснянак суправаджалася спецыфічнымі дзеяннямі з дошкай (“дошчачкай”), пакладзенай на ваду (на ёй былі размешчаны хлеб і запаленая свечка), з “булачкай”, кінутай на ваду падчас загукання вясны.
Юраўскі абрадавы комплекс ў вёсках Ельскага і Кармянскага раёнаў вылучаецца ўстойлівасцю захавання абодвух абрадаў: абраду першага выгану жывёлы ў поле і абраду агледзін нівы. Юраўскі карагод, што выконваецца ў в. Валаўск Ельскага раёна, – лакальная адметнасць веснавой традыцыі. У некаторых мясцовасцях Кармянскага раёна абрад першага выгану жывёлы ў поле суправаджаўся выкананнем замоў і адпаведнымі дзеяннямі з пэўнымі прадметнымі атрыбутамі (ім, як і славесным замоўным формулам, надавалася магічнае значэнне).
Прыведзеныя ў артыкуле ў якасці прыкладаў фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы з’яўляюцца яскравым пацвярджэннем актуальнасці даследавання ў сучаснай фалькларыстыцы праблемы суадносін агульнаэтнічнага, рэгіянальнага і лакальнага. Захоўваючы агульнаэтнічную аснову, зімовыя і веснавыя абрады Гомельшчыны выяўляюць непаўторную мясцовую спецыфіку.
Ключавыя словы
абрад, абрадавы комплекс, знакі і вераванні, каляндарны абрад, песня, міфалагічныя ўяўленні.
Список використаних джерел
- Новак В. С. Не згасне жывое народнае слова (Пра багацце і шматграннасць фальклору Кармяншчыны). Крыніц кармянскіх перазвоны (абрады і песні ў сучасных запісах). Гомель : Гомельскі цэнтр навукова-тэхнічнай і дзелавой інфармацыі, 2000. С. 6–25.
- Традыцыйны фальклор Магілёўскага Падняпроўя / уклад. Т. Б. Варфаламеевай ; Бел. ін-т праблем культуры. Мінск, 1996. 126 с.
- Агапкина Т. А. Очерки весенней обрядности Полесья. Славянский и балканский фольклор. Москва : Индрик, 1995. С. 21–107.
- Новак В. С. Народная творчасць Ельскага раёна. Беларуская літаратура. Рэсп. міжведамасны зб. Гомель : Выд-ва Гом. ун-та, 2001. Вып. 21. С. 434–461.
- Агапкина Т. А. Этнографические связи календарных песен. Встреча весны в обрядах и фольклоре восточных славян. Москва : Индрик, 2000. 336 с.
- Каляндарна-абрадавая паэзія / А. С. Ліс, А. І. Гурскі, В. М. Шарая, У. М. Сівіцкі ; навук. рэд. А. С. Фядосік. Мінск : Беларуская навука, 2001. 515 с.
- Плотникова А. А. Первый выгон скота в Полесье. Славянский и балканский фольклор. Москва : Индрик, 1995. С. 108–141.